Clubs and club activities

Clubs and club activities

 

 

У сучасным культурным жыцці краіны клубныя ўстановы застаюцца адным з асноўных сацыяльных інстытутаў, якія забяспечваюць захаванне, стварэнне і рас­паўсюджванне культурных каштоў­насцей, фарміруюць духоўныя запатра­баванні, ствараюць неабходныя ўмовы для сацыяльна­культурнай актыўнасці грамадзян, арганізацыі вольнага часу, павышаюць якасны ўзровень культурнага жыцця насельніцтва.

 

У сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2017 г. налічваюцца 2656 устаноў клубнага тыпу (статус юрыдычнай асобы маюць 186 устаноў), у тым ліку ў Брэсцкай вобласці — 496, Віцебскай — 426, Гомельскай — 548, Гродзенскай — 300, Магілёўскай — 378, Мінскай — 506, г. Мінск — 2.

 

У ходзе аптымізацыі і рэфармавання колькасць клубных устаноў у параўнанні з 2015 г. скарацілася на 116 адзінак (ці 4,3 %), а за апошнія 5 гадоў — на 633 адзінак (ці 19,2 %) (у Магілёўскай вобласці на 23,6 %, Гродзенскай — 23,5 %, Мінскай — 22,5 %, Віцебскай — 22,4 %, Брэсцкай — 20,6 %, Гомельскай — 18,2 %), што тлумачыцца сацыяльна­дэмагра­фічнымі працэсамі, у першую чаргу, паніжэннем колькасці сельскага насельніцтва. Трэба зазначыць невысокія тэмпы стварэння арганізацый культуры змешанага тыпу, а таксама наданне статусу юрыдычнай асобы клубнай установе.

 

Варта адзначыць Гомельшчыну, дзе павялічана колькасць устаноў не клубнага тыпу, якія займаюцца клубнай дзейнасцю. У той час, калі іншыя вобласці маюць тэндэнцыю названага паказчыка да памяншэння, Гомельская вобласць з 2011 г. павя­лічвае колькасць бібліятэк, устаноў адукацыі і іншых, якія займаюцца клубнай дзейнасцю. Колькасны паказчык выглядае наступным чынам: у 2011 г. — 703 установы, 2012 г. — 750, 2013 г. — 772, 2014 г. — 936, 2015 г. — 960 (гл. Дадатак, дыяграма Д 2.2).

 

Як і ў папярэднія гады культурнае абслугоўванне сельскіх населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарных устаноў культуры, вырашалася за кошт нестацыянарных форм абслу­гоўвання — аўтаклубаў. Усяго ў рэспубліцы налічваюцца 100 аўтаклубаў. Трэба адзначыць, што не ва ўсіх раёнах яны створаны, што не дазваляе ў поўнай меры аказваць паслугі па культурнаму абслугоўванню ў сельскіх населеных пунктах. Адсут­нічаюць аўтаклубы ў 7 раёнах Гродзенскай вобласці (Бераставіцкі, Карэліцкі, Мастоўскі, Навагрудскі, Астравецкі, Свіславіцкі, Смаргонскі); 3 — Віцебскай (Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі); 3 — Мінскай (Барысаўскі, Крупскі, Любанскі); 2 — Гомельскай (Нараўлянскі і Лельчыцкі); 1 — Брэсцкай (Камянецкі).

 

Скарачэнне клубаў адбілася на памяншэнні колькасці фарміраванняў і іх удзельнікаў. Усяго па рэспубліцы — 21 426 клубных фарміраванняў, у якіх задзейнічаны 223 080 чалавек. За год першы паказчык зменшыўся на 3,0 %, другі — амаль на 4,0 %. Аднак, напрыклад, у Магілёўскай вобласці, у цэлым колькасць фарміраванняў на адну клубную арганізацыю не змяншаецца (амаль 8) і нават мае тэндэнцыю да павелічэння (на 2,0 %) у параўнанні з мінулым годам (вышэйшы паказчык сярод рэгіёнаў). Невялікае павелічэнне захоўваецца ў Брэсцкай вобласці. Таксама варта зазначыць, што ў цэлым колькасць клубных фарміраванняў для дзяцей з улікам дзейнасці бібліятэк, метадычных арганізацый, устаноў адукацыі ў параўнанні з 2015 г. павялічылася на 643 (гл. Дадатак, дыяграма Д 2.9).

 

У 2016 г. праведзены 574 858 мерапрыемстваў. У параўнанні з 2015 г. іх колькасць павялічылася на 1,53 % (гл. калонку 7 табл.). Калі ж падлічыць долю мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў 2016 г. у адной установе, то лідзіруюць Магілёўская і Гомельская вобласці, што адлюстравана ў апошняй калонцы (8) табліцы. Стабільна з года ў год павялічвае колькасць мерапрыемстваў Гомельшчына.

 

 

Табліца. Дынаміка колькасці праведзеных мерапрыемстваў па абласцях

 

Вобласць 2008 г. 2013 г. 2014 г. 2015 г. 2016 г.
Брэсцкая 101 810 91 207 85 699 84 611 90 698 6,71 % 182,9
Віцебская 75 739 88 898 87 136 85 393 90 765 5,92 % 213,1
Гомельская 129 961 130 381 133 321 134 496 135 520 0,76 % 247,3
Гродзенская 66 429 67 730 64 722 61 960 65 154 4,90 % 217,2
Магілёўская 120 051 131 981 122 645 109 986 107 694 -2,08 % 284,9
Мінская 116 680 117 070 103 771 88 854 84 940 -4,40 % 167,9
г. Мінск 381 451 541 76 87 12,64 % 43,5

Усяго

па галіне

611 051 627 718 597 835 565 813 574 858 1,53 % 216,4

 

 

На пачатак 2017 г. у рэспубліцы налічваюцца 1665 «народных» і «ўзорных» аматарскіх калектываў мастацкай творчасці (у 2016 г. найменне прысвоена 31 калектыву) і 98 «заслужаных» аматарскіх калектываў мастацкай творчасці (у 2016 г. — 5 калектывам). Гэта сведчыць аб высокім мастацкім узроўні аматарскіх калектываў, станоўчай дынаміцы павелічэння калектываў з найменнямі «народны» і «ўзорны», званнем «заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

 

З 2014 г. павялічваецца і колькасць платных фарміраванняў па галіне: у 2014 г. — 918, у 2015 г. — 1017, у 2016 г. — 1118.

 

Год культуры патрабаваў актывізацыі клубнай дзейнасці, і культурнае жыццё ў шэрагу раёнаў выглядала насычаным і разнастайным. Асабліва выдзяляюцца міжнародныя мерапрыемствы, значны вопыт правядзення якіх маецца ў кожнай вобласці.

 

У Віцебскай вобласці традыцыйна праходзіць 9 міжнародных фестываляў, звыш 38 абласных свят і конкурсаў. Культурнай падзеяй года стаў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», у рамках якога прайшлі розныя конкурсы, у тым ліку па лозапляценню «Лазовы прут», традыцыйнага касцюма «Сцяжкі майстэрства», у якіх прымалі ўдзел клубныя фарміраванні.

 

Калектывы мастацкай творчасці прадэманстравалі сваё майстэрства і на іншых міжнародных святах у рэгіёнах: традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», у межах якога ўжо 5 год праходзіць Браслаўская харавая асамблея, турнір традыцыйных беларускіх побытавых танцаў; фестывалі песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўна» са святам-конкурсам глінянай цацкі «Салавейка–2016»; фестывалях праваслаўных песна­пенняў «Каложскі Дабравест», славянскіх баявых мастацтваў (г. Гродна); пленэр ганчароў (в. Гарадная, Столінскі р-н) і інш.

 

Штогод прыцягвае пільную ўвагу грамадскасці Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства», які праводзіўся ў 5 раз у г. Магілёў. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі з 12 краін блізкага і далёкага замежжа: Грузіі, Арменіі, Славакіі, Харватыі, Казахстана, Расіі, Паўднёвай Карэі, Эстоніі, Італіі, Літвы, Турцыі, а таксама актыўнасцю вызначаюцца клубныя фарміраванні вобласці.

 

Гомельшчына парадавала высокім арганізацыйным і творчым узроўнем правядзення міжнародных фестываляў: харэагра­фічнага мастацтва «Сожскі карагод», этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», конкурсаў «Музыка надзеі», «Мой сябра — баян» і інш.

 

Асобнага статусу заслугоўвае Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, што сёлета праводзіўся ў 11 раз у г. Гродна. У заключных мерапрыемствах прынялі ўдзел творчыя калектывы каля 40 нацыянальнасцей.

 

З рэспубліканскіх мерапрыемстваў таксама вылучаюцца фестывалі беларускай песні і паэзіі, народнага гумару «Аўцюкі» (Калінкавіцкі р-н), фальклорнага мастацтва «Берагіня» (Акцябр­скі р-н), Дзень беларускага пісьменства ў Гомельскай вобласці і інш.

 

Значную актыўнасць клубныя фарміраванні праяўляюць на рэгіянальных узроўнях. На Магілёўшчыне папулярнасцю кары­стаўся абласны творчы праект «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны», прымеркаваны да Года культуры. Да таго ж праект рэалізоўваўся сумесна з Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам радыётэлецэнтр «Тэлерадыёкампанія “Магі­лёў”». У рамках праекта адбываліся штомесячныя творчыя прэзентацыі 21 раёна вобласці, якія прадугледжвалі святы творчасці, тэатралізаваныя і тэматычныя канцэрты, імпрэзы, выставы, а таксама тэатральныя гасціныя народных тэатральных калектваў вобласці.

 

Разнастайнасцю праграм вызначаюцца і іншыя рэгіёны.

 

На Гродзеншчыне — «Ганенскі кірмаш», IV абласны фестываль аўтарскай песні «Новае пакаленне» (г.п. Зэльва), рэгіянальны фестываль «Гальшанскі замак» у Ашмянскім раёне, абласны конкурс танцавальных калектываў «Скокі ва ўсе бокі» (г.п. Карэлічы), абласны адкрыты фестываль народнай творчасці «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», адкрытае рэгіянальнае свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» (Гродзенскі р­н), рэгіянальнае свята «Свіслацкі кірмаш» (г. Свіслач), адкрыты фестываль сыру (г. Гродна), фестываль нацыянальных культур «Суквецце сяброўства» (Лідскі р­н), ІІ адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі» (Смаргонскі р­н), адкрыты рэгіянальны фестываль­конкурс дзіцячых аматарскіх калектываў сельскіх устаноў культуры «Крышталікі запрашаюць» (ДУ «Бярозаўскі ГДК» Лідскага р­на), XVIII рэгіянальны фестываль­конкурс эстраднай песні «Адна зямля» (г. Астравец), адкрыты рэгіянальны фестываль «Паланэз–2016», адкрыты фестываль інтэлектуальных гульняў сярод каманд раённых цэнтраў і малых гарадоў «Кубак Волака і Вісека» (г. Ваўкавыск), адкрыты раённы фестываль радыё­кіраваных мадэлей «Бераставіца запрашае сяброў» (Бераставіцкі р­н), свята аматарскіх тэатральных калектываў «Тэатр — душа мая»;

 

на Брэстчыне — свята роднай мовы «Жывыя вытокі» (г. Брэст), фестываль­кірмаш «Дажынкі–2016» (г. Драгічын), фестываль сучаснага мастацтва «Эстрадны MIX» (г. Пружаны), свята народнага гумару «Спораўскія жарты» (в. Спорава, Бярозаўскі р­н), свята­конкурс інвалідаў па зроку «З песняй па жыцці» (г. Брэст), фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы мацней» (г. Брэст), этнаграфічны канцэрт з цыкла «Рух зямлі» (г. Брэст), XIII абласны пленэр разьбяроў, прысвечаны 270­годдзю з дня нараджэння Т. Касцюшкі (в. Малыя Сяхновічы, Жабінкаўскі р­н);

 

на Магілёўшчыне — міжрэгіянальны фестываль­свята ама­тарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны» (г.п. Краснаполле), раённы фестываль народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок» (п. Глуша, Бабруйскі р­н), рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбін­скія таржкі» (г.п. Дрыбін), рэгіянальнае свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» (г. Мсціслаў), рэгіянальны фестываль народнай творчасці «Веснавыя колеры» (г. Асіповічы), рэгія­нальны фестываль дзіцячай творчасці «Зоркі над Бесяддзю» (г.п. Хоцімск), міжрэгіянальнае свята­конкурс «Зялёныя святкі» (урочышча Байкава, Чавускі р­н), раённы фестываль «Гаспадарчы сыр», рэгіянальнае свята­фестываль «Спас — усяму час» (Слаўгарадскі р­н), міжрэгіянальнае свята «У госці да радзімічаў» (в. Радомля Чавускага р­на);

 

на Віцебшчыне — агляд­конкурс харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі», прысвечаны заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь І.А. Серыкаву, конкурс клубаў «Ветэран» і ветэранскіх творчых калектываў «Не старэюць душой ветэраны», свята паэзіі «Край мар маіх і думак светлых — мая радзіма Беларусь», спецыялізаваная выстава­кірмаш «Віцеб­шчына — за здаровы лад жыцця», свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», творчы конкурс на лепшы аўтарскі верш «Мая зямля, мая Радзіма»;

 

у г. Мінск праведзена 7 гарадскіх фестываляў і конкурсаў самадзейнай мастацкай творчасці і інш.

 

З поспехам у рэгіёнах рэалізуюцца новыя формы клубнай работы. Напрыклад, на Міншчыне — шматпрофільны мала­дзёжны праект «Summer life», накіраваны на выяўленне таленавітай моладзі, арганізацыю адпачынку і вольнага часу дзяцей, падлеткаў і моладзі, выяўленне лідараў у маладзёжным асяроддзі (ДУК «Любанскі раённы цэнтр культуры»), фестываль маладзёжных субкультур «Энергія маладосці» (ДУК «Цэнтра­лізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна»), гарадская квэст­гульня «Арыенцір: цэнтр культуры — бібліятэка» (ДУК «Нясвіжскі раённы цэнтр культуры» сумесна з ДУК «Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Пранузы»), раённы конкурс дзіцячага артыстызму сярод хлопчыкаў «Маленькі прынц» (ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна»), конкурсная шоу­праграма «Лэдзі­NEW СТАНДАРТ» (Слуцкі гарадскі палац моладзі), комплексныя культурна­забаўляльныя праграмы з арганізацыяй і правядзеннем гіста­рычных віктарын, рыцарскіх турніраў, сярэднявечных гульняў і забаў, майстар­класаў па сярэднявечных танцах (ваенна­гістарычны клуб «Крутагор’е» ДУ «Дзяржынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці») і інш.

 

У Год культуры ў Віцебскай вобласці рэалізаваны новыя праекты: абласны турнір бытавых беларускіх танцаў, абласны конкурс ансамбляў барабаншчыц­мажарэтак, абласное свята­конкурс народнага касцюма, Міжнародны конкурс майстроў лозапляцення; свята тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці, абласцей рэспублікі (23 гарады і раёны вобласці забяспечылі працу 23 тэматычных тэатра­лізаваных пляцовак, правялі 92 мерапрыемства, у якіх прынялі ўдзел 69 творчых калектываў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў звыш 2 тысяч чалавек, што дазволіла стварыць брэндавы рэгіянальны прадукт і паслугі, заснаваныя на мясцовых культурных традыцыях, а таксама звязаных з выкарыстаннем гісторыка­культурных каштоўнасцей); мастацкі праект «Я малюю фестываль» (75 маладых мастакоў ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў з Віцебскай і Смаленскай абласцей працавалі на 3 пляцоўках; стварылі на пленэры 123 творчыя працы і падарылі ў фонд фестывалю 96 карцін). Для маладых мастакоў праведзены майстар­класы мастака з Кітая Чэнь Мау па кітайскаму традыцыйнаму жывапісу; члена Саюза дызайнераў Расійскай Федэрацыі Т.І. Шутавай па роспісу па тканіне; Віцебскага мастака Ф.Ф. Гумена па акварэлі; заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі В.І. Ляшэнкі — «Малюнак з натуры»); абласное свята­конкурс вакальна­інструментальных ансамбляў «ВІА­тон»; краязнаўчы праект «Сцяжынкамі Аляксея Сапунова» і фэст экскурсаводаў «Гісторыя Мазалава і ваколіц: ад маёнтка да аграгарадка Мазалава» Віцебскага раёна; праект «Этнарэабілітацыя» сумесна з Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам; «Фестываль дзвюх рэк» у Докшыцах; ахапіў усе жанры мастацтва абласны агляд­конкурс творчых калектываў вобласці, прысвечаны Году культуры, у якім прыняла ўдзел болей за 5000 чалавек (каля 500 творчых калектываў і 200 індывідуальных выканаўцаў) з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны.

 

На Магілёўшчыне новымі культурнымі падзеямі рэгіёнаў сталі: эка­арт фестываль «Астравы Дулебы» (Клічаўскі р­н); раённы агляд­конкурс сярод клубных устаноў «Культура і моладзь» (Бабруйскі р­н); рэгіянальны фестываль «Битва ди­джеев» (Кіраўскі р­н); раённы конкурс побытавых танцаў (Клімавіцкі р­н). У Краснапольскім раёне праведзены два новыя раённыя творчыя праекты па захаванню і папулярызацыі культурнай спадчыны «Забытае ўваскрашаецца» і «Краснапольскі Арбат», апошні атрымаў ганаровы дыплом на ярмарцы мясцовых ініцыятыў, у рамках праекта «Частно­государственное партнерство в интересах устойчивого развития сельских районов Беларуси», які рэалізаваны Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый.

 

Упершыню ў Дзятлаўскім раёне стартаваў раённы сельскагаспадарчы праект у аграгарадках «Дбайных людзей славім — вясёла час бавім», мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя сельска­гаспадарчай працы, прафесій і побыту. У рамках праекта адбыліся раённыя святы лёну, касцоў, малака, рыбака, мёду, яблыкаў, бульбы і інш. Падобныя цыклы мерапрыемстваў прайшлі ў Лідскім, Гродзенскім, Шчучынскім, Слонімскім раёнах.

 

Штогод у Слонімскім раёне праводзіцца свята­конкурс «Дзень добры, суседзі!» (жыхары адной вёскі знаёмяцца з бытам, традыцыямі і таленавітымі людзьмі суседняй вёскі. У сваю чаргу тыя, хто прыязджае ў госці, прывозяць канцэртную праграму і спартыўную каманду. Дадзены вопыт быў пераняты і паспяхова ўкаранёны ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці.

 

У 2016 г. перасоўнымі транспартнымі сродкамі — аўтаклубамі ў Брэсцкай вобласці здзейснены 2819 выездаў (у 2015 г. — 1888), абслужаны 954 маланаселеных і аддаленых пункты (у 2015 г. — 817). Праведзены 2659 мерапрыемстваў (у 2015 г. — 1769).

 

У іх зоне абслугоўвання на Віцебшчыне знаходзіцца звыш тысячы вёсак. Аўтаклубамі праведзены 3133 мерапрыемстваў (у 2015 г. — 2645). Адбыўся абласны агляд­конкурс на лепшую пастаноўку работы сярод аўтаклубаў па абслугоўванню сельскага насельніцтва.

 

У зоны абслугоўвання аўтаклубаў Магілёўскай вобласці ўваходзіць звыш 2400 маланаселеных і аддаленых пунктаў. За 2016 г. аўтаклубамі праведзена звыш 4500 культурных мера­прыемстваў. У сярэднім адзін аўтаклуб абслугоўвае 114 населеных пунктаў.

 

Асноўнымі формамі работы аўтаклубаў з’яўляюцца: канцэрт­ныя праграмы, вечары ўшаноўвання, віншавання юбіляраў, народныя абрады і святы, лялечныя спектаклі (батлейка); ушаноўванне камбайнёраў, правядзенне свят вёсак, сямейных мерапрыемстваў і інш.

 

Кожным аўтаклубам праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі па збору фальклорнага матэрыялу, арганізуюцца на падставе гэтых матэрыялаў культурна­пазнавальныя мерапрыемствы. Напрыклад, у Клічаўскім раёне на аснове матэрыялаў, сабраных спецыялістамі, былі адроджаны танцавальныя вечарыны на базе раённага дома культуры, у Касцюковіцкім раёне ў в. Муравілле адроджаны абрад «Закіданне зайца» падчас правядзення вясельных дзён.

 

Паляпшэнню культурнага абслугоўвання і арганізацыі вольнага часу сельскага насельніцтва спрыяў Рэспубліканскі фестываль «Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі» (адбыліся канцэртныя праграмы: у Слуцкім р­не Мінскай вобл. — з удзелам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа»; Камянецкім р­не Брэсцкай вобл. і ў Петры­каўскім р­не Гомельскай вобл. — з удзелам беларускага ан­самбля народнай музыкі «Свята»; Крычаўскім р­не Магілёўскай вобл. — з удзелам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяр­жаўнага ансамбля танца Беларусі; Лідскім р­не Гродзенскай вобл. і Сеннінскім р­не Віцебскай вобл. — з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча).

 

З мэтай павышэння ведаў па актуальных пытаннях дзейнасці арганізацый культуры і іх метадычнага забеспячэння Інстытут культуры Беларусі правёў семінары «Узаемадзеянне арганізацый культуры ў сферы народнай творчасці», «Фандрайзінг: як знайсці сродкі для развіцця культуры», «Культурная спадчына і ўстойлівае развіццё тэрыторый», V Міжнародную навукова­практычную канферэнцыю «Культура Беларусі: рэаліі сучасна­сці»; выпусціў шэраг дапаможнікаў: «Актуальныя аспекты культурна­адпачынкавай дзейнасці ў аграгарадках і сельскай мясцовасці», «Эканоміка і менеджмент у сферы культуры», «Купальскі спеўнік», «Радзіма мая дарагая», «Сучасная дадатковая адукацыя дарослых у сферы культуры», Сурус Р. «Звук одухотворённый: произведения для деревянных духовых инструментов» і інш.

 

Немалаважнай акалічнасцю ў любой паспяховай дзейнасці з’яўляецца яе стымуляванне. Прыклад для пераймання — сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання суб’ектаў культурнай дзейнасці, якая спрыяе развіццю культуры і мастацтва Віцебшчыны. Абласны выканаўчы камітэт заснаваў штогадовыя прэміі за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва сярод работнікаў культуры па 8 намінацыях у памеры 20 базавых велічынь кожная, сярод устаноў культуры і навучальных устаноў мастацтва вобласці па 8 намінацыях у памеры 840 базавых велічынь і інш.

 

У Год культуры поспехам могуць ганарыцца многія калектывы арганізацый культуры. Калектыву дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Маладзечна» прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё самадзейнай мастацкай творчасці, у тым ліку арганізацыю дзейнасці 35 аматарскіх калектываў, з якіх 12 маюць званні «заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», «народны» і «ўзорны», правядзенне больш як 100 мерапрыемстваў у рамках Рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года». Пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу «Чалавек Года культуры» (сярод работнікаў культуры) у намінацыі «Клубная дзейнасць» стаў дырэктар установы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна­асветнай работы» А.Ф. Хмялькоў, у намінацыі «Народнае дэкаратыўна­прыкладное мастацтва» — народны майстар, дырэктар Дома рамёстваў і фальклору ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна» Віцебскай вобласці.

 

Сярод асноўных задач у 2017 г. вылучаюцца наступныя:

  • упарадкаванне сеткі клубных устаноў і наданне ім статусу юрыдычнай асобы;
  • стварэнне арганізацый культуры змешанага тыпу, якія аказваюць насельніцтву адначасова некалькі відаў культурных па­слуг;
  • забеспячэнне насельніцтва сельскіх населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарных устаноў культуры, паслугамі спецыя­лізаваных перасоўных транспартных сродкаў (аўтаклубаў);
  • захаванне колькасці існуючых клубных фарміраванняў, у тым ліку непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай твор­часці.